КАЛЕКЦЫЯ “ВЫЦІНАНКА”

Выцінанка – гэта ўнікальная мастацкая з’ява. Гэта чароўным чынам народжаны са звычайнай паперы дасканалы ўзор. Рэзаць паперу ўпершыню паспрабавалі ў Кітаі, на яе радзіме. Пазней дзе б ні з’яўлялася папера, там узнікала мастацтва папяровага выстрыгання. У Еўропе было распаўсюджана сілуэтнае выстрыганне, у Лацінскай Амерыцы – сюжэтнае. Мастацтва выцінінкі знаёмае Украіне, Польшчы, Літве. І ў кожнай мясцовасці выцінанка набывае стылістычныя і зместавыя асаблівасці, уласцівыя светаўспрыманню людзей.

У ХVІІ стагоддзі ў Смаргоні ўжо быў папяровы млын – выраблялася папера. Манахромныя і шматколерныя, сіметрычныя і фантазійныя, геаметрычныя і раслінныя – выцінанкі шырока распаўсюдзіліся па Беларусі ў ХІХ стагоддзі і прынеслі цеплыню і ўтульнасць у кожны дом. Выцінанкі аздаблялі інтэр’еры штодня і на святы, упрыгожвалі сцены, вокны, мэблю, абразы. Папяровыя ўзоры былі з выявамі “дрэва жыцця”, “жаночай долі”, кветак, птушак і часта браліся з ткацтва, вышыўкі, керамікі, разьбы, неслі сімвалічны сэнс. Майстэрства выцінанкі ў ХХІ стагоддзі захавала прыхільнікаў і выйшла ў шырокі свет: на паштоўкі, у кнігі, на гарадскія муры, у анімацыю, на парцаляну. Выцінанка – спрадвечны і ультра сучасны скарб і здабытак нашай культуры.


Раслінны арнамент – надзвычай папулярны матыў выцінанкі. Ён адлюстроўвае хараство прыроды і натхняе, удыхае жыццё ў паперу, у парцаляну. Фантастычныя хітраспляценні галінак, лісточкаў, кветак пераносяць Вас ў свет мрояў. Пільны позірк выхапіць пары птушак на галінках казачнага дрэва. Птушка ў народным уяўленні асацыюецца з вясной, цяплом, святлом. Казачныя птушкі, якія з замілаваннем глядзяць адна адной у вочы – старажытны сімвал узаемнага кахання.

Парцаляна KARALI, упрыгожаная арнаментальнай выцінанкай з выявай Дрэва жыцця і кахання – абярэг Вашай сям’і і сакральны падарунак з глыбокім сэнсам, з найлепшымі зычэннямі доўгага жыцця і ўзаемнага кахання Вашым блізкім.

Аўтары – Галіна Яшчанка і кераміст Вольга Раманюк.


 

Набыць парцаляну:

Імбрык "Выцінанка"
Кубак "Выцінанка"
Сподак "Выцінанка"
Сальніца "Выцінанка"
Перачніца "Выцінанка"
Шклянка "Выцінанка"
Мыльніца "Выцінанка"